• ЛiМ”, 1988, 16 верасьня Файл падрыхтаваны Раманам Салаўянам.

  • Скачать 176.75 Kb.


    Дата10.11.2017
    Размер176.75 Kb.

    Скачать 176.75 Kb.

    Шумяць над магiлай сосны





    ШУМЯЦЬ НАД МАГIЛАЙ СОСНЫ...
    Дазволю сабе падзялiцца з чытачамi “ЛiМа” некаторымi вынiкамi археалалiгных раскопак.

    Павiнен адразу сказаць, што праведзеныя дасьледваньнi не далi нiчога прынцыпова новага ў параўнаньнi з вынiкамi першых раскопак, зробленых у пачатку мая гэтага года, пра якiя напiсана ў артыкуле “Курапаты - дарога сьмерцi”. Гэта абумоўлена добра вядомай археолагам заканамернасьцю, што для высьвятленьня сутнасных характарыстык аднатапнага помнiка (у дадзеным выпадку магiльнiка) дастаткова дасьледаваць яго частку (пажадана ў розных месцах). Гiстарычны факт масавых расстрэлаў насельнiцтва ў Курапатах, учыненых сталiнiстамi ў 1937-1941 гадох, быў высьветлены адразу. Наступная выбарачная эксгумацыя археалагiчным мэтадам толькi пацьвердзiла яго на больш высокiм навуковым узроўнi. Раскопкi i эксгумацыю неабходна было зрабiць таксама, каб правесьцi крымiналiстычную экспэртызу, атрымаць безумоўныя юрыдычныя аргументы i доказы ў крымiнальнай справе, якая павiнна прадугледжваць высьвятленьне характару злачынства, асоб вiнаватых,пацярпелых, прад’яўленьне абвiнавачваньня i перадачы яго ў суд.

    Археалагiчныя дасьледваньнi праводзiлiся шурфамi, раскопамi i трашнэямi ў трох канцах тэрыторыi пахаваньняў. Усяго зроблена 7 раскопаў i 1 шурф (нумарацыя агульная). Ва ўсходнiм канцы на паўночным схiле ўзгорка (грады), парослага рэдкiм яловым лесам, былi распрацаваны раскопы NN1-3. Раскопы NN5 i 6 раскапаны на паўднёвым баку Курапатаў (Броду) прыблiзна на адлегласьцi 200 мэтраў на паўднёвы захад ад раскопаў NN1-3, блiжэй да кальцавой дарогi. Раскоп N8 закладзены на адлегласьцi прыблiзна 75 i 160 м на паўночны захад ад раскопу NN1-3 на паўночным краi ўзвышанага месца.

    Раскопкi праведзены рыдлёўкамi па пластах з ручной пераборкай грунту i дасьледваньнем яго металашукальнiкам, з фiксаваньнем глыбiнь, характару i колеру запаўненьня магiл, назiраньнем за стратыграфiяй. З гэтай мэтай пахаваньнi спачатку дасьледавалiся скрыжаванымi траншэямi. Па лiнiях траншэй былi зроблены чарцяжы падоўжных i папярэчных профiляў (разрэзаў) пахаваньняў у маштабе 1:20.

    Выбарка i пераборка грунту запаўненьня магiлаў працягвалася да з’яўленьня пласта пахаваных па усёй плошчы раскопаў. Потым адбывалася зачыстка гэтага шчоткамi i давала магчымасьць выявiць сiтуацыю верхняга ўзроўню пахаваных. Пасьля гэтага рабiлася фiксацыя глыбiнь, iндывiдуальных знаходак, чарапоў, абутку, касьцей, адзеньня, здымаўся план (схема разьмяшчэньня асноўных знаходак i рэштак нябожчыкаў) у маштабе 1:20, раскоп фатаграфаваўся на фотаплёнку ( крымiналiстамi яшчэ i на вiдэастужку).

    Калi была закончана гэтая праца, тады сумесна з медыкамi-экспертамi пачыналi разборку пласта пахаваных. Пры гэтым фiксавалiся ўсе iндывiдуальныя знаходкi, чарапы, абутак i рэшткi адзеньня адзначалiся месцы i глыбiнi iх месцазнаходжаньня. Усе знаходкi з пласта i неабходныя рэшткi пахаваных пасьля апiсаньня iх i фiксаваньня на плане археолагамi забраны медыцынскiмi эксперттамi i крымiналiстамi для экспертызы.

    Ва ўсiх раскапаных пахаваньнях выяўлена аднолькавая карцiна. Магiлы запўнены пяском да глыбiнi 1.80-2.00 м. З гэтай адзнакi залягае суцэльны пласт касьцей, чарапоў, струхлелай вопраткi, абутку. Таўшчыня гэтага пласта ў цэнтры магiл ад 0.20 да 0.70 м. Адпаведна i глыбiня магiльных ям ад 2.00 да 2.75 м. Прытым характэна, што па краях пахавальных ям чарапы i косьцi ляжаць ужо на ўзроўнi 0.70 м ад цяперашняй дзённай паверхнi, а ў цэнтры, як ужо адзначана,- 1.8-2.00 м. Розьнiца ва ўзроўнях пахавальнага пласта памiж краямi i цэнтрам складае ў асобных пахаваньнях больш 1.00 м, i ўвесь пласт касьцей уяўляе сабой глыбокую лейку. Па краях гэтай “лейкi” разьмешчаны, як правiла, чарапы. У цэнтры, унiзе “лейкi” ўсё перамяшана: абутак, косьцi, сатлелае адзеньне; палажэньнi шкiлетаў парушаны, тут не хапае, як првiла, чарапоў i асобных касьцей, пазваночнiкi рассыпаны на асобныя пазванкi, да таго ж iх мала, шмат якiя галёшы, чаравiкi, боты не зьвязаны з касьцьмi i валяюцца асобна. Некаторыя экзэмпляры абутку знойдзены вышэй у пясчаным грунце запаўненьня магiлы, тут жа выяўлена шмат выстраленых гiльз ад нагана.

    Пра што гэта кажа i чаму ўтварылася такая сiтуацыя? Утварылася яна ў вынiку даўнейшай эксгумацыi, раскопак магiл i выбаркi касьцей, калi нехта, як мы ўжо пiсалi, “замятаў сьляды”.

    Ранейшая эксгумацыя была праведзена неахайна, абы-як. Косьцi не выбраны да канца, пакiнуты на дне i па бакох. Гэта здарылася таму, што контуры магiльнай ямы i ямы раскопкi не супадалi. Раскопвалi прыблiзна, у асноўным па цэнтры. Яма раскопкi была, як правiла, меншая за памеры магiлы. Акрамя таго, капаючы, зыходзiлi “на конус”. Таму пакiнулi косьцi па краях магiл. Зразумела, што капалi без анiякай разумнай методыкi, без зачысткi пласта пахаваных. У такiм выпадку раскопка вядзецца ўсьляпую, пясок пры рабоце пастаянна абсыпаецца i накоплiваецца на дне, што абцяжарвае знаходжаньне i выманьне касцей, стварае iлюзiю канца пахаваньня, асаблiва на заглыбленьнi каля двух метраў, калi робiцца цяжка кiдаць наверх рыдлёўкай i спрацоўвае стэрэатыпнае ўяўленьне аб стандартнай глыбiнi магiл (2м). А яны, як бачым, былi глыбейшымi.

    Аналiз стану рэштак пахавальных пластоў, адкрытых у нашых раскопках, прыводзiць да высновы, што людзi, якiя непасрэдна капалi i рабiлi раней эксгумацыю магiл у Курапатах, не былi зацiкаўлены ў сваёй працы, рабiлi яе абы-як i нават “халтурна”, нядобрасумленна. Так працуюць звычайна пад прымусам. Усё гэта вымушае паставiцца з увагай да зьвестак, што ў 40-х гадах пасьля вайны тут “капалiся” салдаты. Можна б было знайсьцi i сьведкаў тых раскопак. Тэарэтычна гэта магчыма пры ўмове, вядома, што сталiнiсты iх пакiнулi жыць.

    Адназначна ўстанавiць факт эксгумацыi i ранейшых раскопак пахаваньня можна толькi археалагiчным метадам, астатнiя метады (медыцынскi аналiз i т.п.) маюць дапаможнае значэньне. Таму археалагiчная праца была праведзена надзвычай пiльна. Прыкметы ранейшай эксгумацыi вельмi наглядна былi вiдаць пры дасьледваньнi пахаваньня N3, якое залiчана намi ў разрад сярэднiх па памерах (4.00 х 3.10 м). На папярэчным разрэзе добра выяўлена стратыграфiя пластоў i контуры дзьвюх ям. Зьнешнi контур адпавядае межам першапачатковай магiльнай ямы; унутраны - межам ямы даўнейшай эксгумацыi. Яны нiбы “ўстаўлены” адна ў адну. Несупадзеньне па шырынi складае 0.55м. Вось у гэтым зазоры ля сьценкi магiлы i выяўлены верхнi ўзровень пласта пахаваных, пакiнуты пры даўнейшай выбарцы. Косьцi залягаюць тут на глыбiнi 0.70 м ад цяперашняй дзеннай паверхнi. Аднак дзённая паверхня перадваеннага часу, калi ўзьнiкла пахаваньне, была на 0.20 м нiжэй, што добра вiдаць на профiлi (сьценцы) раскопа. Падвышэньне на 20 см атрымалася за кошт выкiнутага з магiлы пяску тады, калi капалi яму. Значыць, скажаце вы, пахаваныя знаходзiлiся на глыбiнi 0.50м? Так, у той час, калi рабiлася эксгумацыя 40-х гадоў, яны былi на гэтай глыбiнi. Але сама магiла была настраляна амаль да верху. Трэба ўлiчыць, што пасьля таго, як спарахнела адзежа i згнiлi целы, пласт пахаваных апусьцiўся нiжэй, як мiнiмум на 20-30 сантыметраў. Вось тут i ўспомнiм паведамленьнi людзей i вiдавочцаў, што магiлы з расстралянымi прысыпалi зьверху пластом пяску таўшчынёй не больш 20-25 см. Супадзеньне зьвестак з вынiкам дасьледаваньня вiдавочнае.

    Усе археалагiчна дасьледаваныя намi пахаваньнi,у якiх выяўлены сьляды папярэдняй эксгумацыi, мелi западзiны глыбiнёй ад 0.18 да 0.65 м ад лiнii краёў магiлы. Тым часам усе iснуючыя на сёньняшнi дзень пахаваньнi ў Курапатах характарызуюцца аналагiчнымi западзiнамi. Адсюль вынiкае, што западзiны на магiлах утварылiся пасьля папярэдняй эксгумацыi i недастатковай iх засыпкi малой колькасьцю грунту ( паколькi зь iх быў выбраны значны аб’ём пахавальнага пласта нябожчыкаў). Такiм чынам можна зрабiць заключэньне, што ўсе выяўленыя на сёньняшнi дзень пахаваньнi ў Курапатах падвяргалiся раней раскопцы i эксгумацыi.

    Амаль ва ўсiх адкапаных чарапах (312 шт.) выяўлены кулявыя прастрэлы, як правiла, на патылiцы, часта па дзьве i нават тры адтулiны. Ёсьць таксама бакавыя прастрэлы i прастрэлы ззаду “пад чэрап”. Магчыма, некаторыя ахвяры вырывалiся тады стралялi як прыйдзецца, а, мажлiва, тут вiдаць розныя “почыркi” забойцаў.

    Знойдзены каля дзьвюх соцен гiльз ад рэвальвера сiстэмы “Наган” i адна ад пiсталета “ТТ”. Выяўлены дзесяткi куль, некаторыя ў чарапах. Дыяметры наганных гiльз, куль, кулявых адтулiн у чарапах супадаюць.

    У большасьцi чарапоў у лобнай частцы, збоку цi наверсе вiдаць вялiкiя, дыяметрам да 5-6 см i нават больш, рваныя адтулiны. Гэта выхады куль. Сьведчаньне таго, што ствол нагана прыстаўлялi шчыльна да патылiцы. Пры выстрале парахавыя газы пад цiскам iшлi ўсьлед за куляй у чэрап i праз выхадны кулявы пралом распырсквалi вакол кроў i мазгi. Успомнiм сьведчаньнi Марыi Iванаўны Пацяршук i iншых людзей, якiя казалi, што шмат было навокал крывi на лiсьцях i траве.

    У магiле N2 пры разборцы пахавальнага пласта выяўлены ў iм дзьве праслойкi сьветлага пяску памiж касьцьмi, якiя чаргавалiся праз 0. 30-0.40 м. Гэта праслойная засыпка забiтых. I зноў жа ўспомнiм сьведчаньнi вiдавочцаў аб тым, што людзей расстрэльвалi партыямi, а потым прысыпалi пяском, пакуль не настраляюць даверху.

    Уся вопратка ў магiлах ужо сатлела. Захавалiся толькi рэдкiя фрагменты сiнтэтычных тканiн i часткова скураное адзеньне. У пахаваньнi N3 знойдзена акуратна складзенае скураное палiто, а ў iм загорнутыя туфлi. Складзенае скураное адзеньне i загорнуты абутак знаходзiлi i ў iншых пахаваньнях, у тым лiку жаночыя боцiкi i скураныя пальчаткi. Выяўлены нават прадмет, якi па форме i кансiстэнцыi нагадвае бутэрброт (эксперты лiчаць, што гэта цалкам верагодна). У магiле N3 знойдзены таксама курыныя косьцi (грудзiнка). Гэта рэшткi харчовых прыпасаў, якiя чалавек узяў з сабой... у дарогу.

    Найлепш захваўся абутак. Выяўлены боты, жаночыя боцiкi, чаравiкi, туфлi, галёшы, жаночыя гумовiкi, тапачкi, бахiлы, чунi, пасталы. На савецкiх галёшах, як правiла, “Красный треугольник”, “Резинтрест” i т. п.). У пахаваньнях большасьць галёшаў маркiраваны 1937 годам. Сустракаюцца клееныя самаробныя бахiлы, у тым лiку зробленыя з аўтамабiльных камер i пакрышак,- абутак бяднейшых сялян. На большасьцi туфляў i ботах абцасы стаптаныя, падэшвы не раз падбiваныя.

    У магiлах NN5-6 i 8 галёшы айчыннай вытворчасьцi сустракаюцца рэдка. Маркiроўка тут зроблена ў аснойным лацiнскiмi лiтарамi з пазначэньнем фiрм “Gentleman”, “Record”, “Rygawar” i iнш. Тут жа на гэтым абутку клеймы - “Made in Poland”. Адначасова знойдзены галёшы з маркiроўкай вядомай фабрыкi “Красный треугольник” i датай - 1939, а побач скураныя лапцi, так званыя “пасталы”, альбо, як iх называлi ў Заходняй Беларусi,- “хадакi”. “Хадакi” насiлi бяднейшыя сяляне, i да 1939 года яны былi яшчэ ва ўжытку. Абутак знойдзены ў гэтых пахаваньнях, магло насiць тады насельнiцтва з Заходняй Беларусi.

    Варта адзначыць таксама, што паiж гэтымi групамi пахаваньняў у красавiку гэтага года ў час пракопкi траншэi пад газатрасу выяўлена магiла, у якой знойдзена некалькi дзесяткаў пар абутку у асноўным савецкай вытворчасьцi; галёшы, датаваныя 1939 годам. А сярод iх знойдзены адзiн з надпiсам “Riga”, “1939” i адзiн туфель з маркiроўкай “Kuadrats”, “Riga” “41”.

    Сярод рэчаў асабiстага карыстаньня найбольш траплялiся мужчынскiя расчоскi, жаночыя грабушкi, кашалькi i партманеты (часам з грашыма i манетамi), зубныя шчоткi, футляры ад зубных шчотак, акуляры, футляры ад акуляраў, мыльнiцы, кубачкi эмалiрованыя i фарфоравыя, запалкi ў карабку, манеты, датаваныя 30-мi гадамi, мундштукi, гузiкi, устаўныя ськiвiцы, каталiцкiя нацельныя медалiкi (медальёны), знойдзена мiсачка, шкляная ампула зь лякарствам (таблеткi), футляр ад расчоскi, пластмасавая баначка з-пад зубнога парашку, вянчальны пярсьцёнак з выгравiраванай датай “1935”, манокль, пенснэ, лязо брытвы i iнш. Большасьць з гэтых прадметаў мае фабрычную маркiроўку. Надпiсы на кубках - “Ростов-на-Дону”, “Warszawa” i iнш., на расчосках - “Моспластмас ф-ка 4”, “НКЛП-БССР”, “King Hall fax Garantie”, “Durabit-Garantie” i iнш., на зубных шчотках - “Арт. Шеткагреб”, “ВИТШЕ КОМБИНАТ”, “MARQUE PEPOSEE BO-BO”, “NON-PLUS -ULTRA” i iнш.

    Археалагiчны аналiз суадносiн i разьмяшчэньня знаходак у пахаваньнях дае iстотную iнфармацыю аб забiтых людзях. Па-першае, удалося прасачыць геаграфiю i храгналогiю пахаваньняў у Курапатах. Расстрэлы пачалiся ва ўсходняй палове тэрыторыi. Гэта плошча густа пактрыта пахавальнымi западзiнамi. Магiлы датуюцца 1937-1938 гг. У раскопе 5-га мая 1988 года, а таксама ў раскопах NN1-3, распрацаваных у гэтым месцы, выяўлены рэчы i прадметы выключна савецкай вытворчасьцi, у тым лiку БССР, шмат самаробнага i кустарнага абутку. Мала прадметаў туалету. Усё гаворыць пра тое, што тут пахаваны мясцовыя людзi, якiя належалi да працоўнага цывiльнага насельнiцтва. Сацыяльны ўзровень большасьцi пахаваных быў невысокi (рабочыя, сяляне, вясковая iнтэлiгенцыя, магчыма, некаторыя служачыя). Магiла N1 была “настраляна”, напэўна, зiмой. Тут шмат спарахнелага зiмовага скуранога адзеньня (кажухi), рэшткi валёнак, зiмовыя бахiлы i т.п.

    Далей на захад i паўднёвы захад разьмешчаны пахаваньнi 1939 г. i пасьля 1939г. У магiле на газатрасе i ў раскопах NN5-6, распрацаваных тут, выяўлены побач з савецкiмi i кустарнымi, самаробнымi рэчамi знаходкi польскай вытворчасьцi i, вiдаць, прадметы замежнага iмпарту ў даваенную Польшчу. Не выклiкае сумненьня, што тут ляжаць расстраляныя пасьля верасьня 1939 года сяляне i iнтэлiгенты з Заходняй Беларусi, сярод якiх, магчыма, былi i выхадцы з Прыбалтыйскiх краiн.

    Найбольш нiзкi сацыяльны ўзровень пахаваных з гэтай групы магiл зафiксаваны ў раскопе N8. Тут адсутнiчаюць прадметы туалету (зубныя шчоткi, мыльнiцы i т.п.) i ўвогуле мала рэчаў iндывiдуальнага карыстаньня. Абутак даволi звычайны, нiзкай якасьцi i вырабу, мала скуранога адзеньня, адсутнiчаюць акуляры i г.д. Вiдаць, у гэтай магiле былi ў асноўным пахаваны заходнебеларускiя сяляне.

    У раскопе N5 выяўлена найбольш рэчаў “iнтэлiгентнага” карыстаньня (шмат прадметаў туалету, акуляраў, манокль, пенснэ, лякарства i г.д.) Абутак тут высокай якасьцi, фабрычны, стылёвы, пашыты па назе, жаночыя боцiкi на высокiм абцасе, знойдзены пальчаткi i т.п. Не цяжка здагадацца, якая сацыяльная група насельнiцтва тут ляжыць.

    Таццяна Вiкенцьеўна Матусевiч (1906 г. нарадж.) з Зялёнага Лугу, хата якой стаяла пры дарозе на Курапаты, успамiнае, што перад вайной на расстрэл вазiлi цэлымi днямi без перастанку, машына за машынай. Кацярына Iванаўна Аўдзеенка, жыхарка вёскi Драздова, што побач з Курапатамi, памятае, як у 1939 годзе народ вазiлi ў лес за вёскай на “Сяргееву гару” машынамi i расстрэльвалi ў ямах. (Вiдаць, на Бродзе не спраўлялiся - так было завозна.)

    Па наменклатуры прадметаў i па тым, што частка рэчаў (адзеньне, абутак) знойдзены ў складзеным выглядзе, па наяўнасьцi харчовых прыпасаў, кашалькоў i г.д. можна зрабiць выснову, што людзi былi сабраўшыся ў далёкую дарогу, што родны дом яны пакiнулi незадоўга да сьмерцi, што не адбывалi турэмнага зьняволеньня. Гэта наводзiць на думку, што яны былi расстраляны без суда, кажучы мовай сталiнiстаў - “ликвидированы”.

    Т.В.Матусевiч згадвае такi выпадак, як аднойчы, калi яшчэ не было плоту на Бродзе, а ўжо стралялi, ляснiк Кароль Канановiч выявiў у лесе засыпаныя ямы, утыканыя сасонкамi, а побач у развалiцы забытую сялянскую торбачку з прыпасамi (кiлбаса, хлеб i т.п.). Нават яшчэ i прагаладацца не пасьпеў чалавек, як трапiў пад расстрэл.

    У рэштках пахавальных пластоў, якiя засталiся на дне магiл пасьля эксгумацыi 40-х гадоў, выяўлена розная колькасьць пахаваных. Найменш у магiле N3 (31 нябожчык, калi лiчыць па чарапах) i найбольш у пахаваньнi N5 - 87 чарапоў,але 107 нябожчыкаў, падлiчаных па парах бедраных касьцей. (Несупадзеньне колькасьцi чарапоў i пар бедраных касьцей - вынiк даўняй эксгумацыi. Зрабiўшы абмеры i падсумаваўшы ўсе дадзеныя, можна прыпушчальна вылiчыць першапачатковую колькасьць пахаваных у дасьледваных магiлах. Яна вагаецца ад 150 у “зiмовай” магiле N1 да 260 у магiле N5. Калi ўзяць простае памнажэньне на колькасьць выяўленых сёньня пахаваньняў (510), то атрымаем 102 тысячы чалавек. Аднак сапраўдная лiчба пахаваных, вiдаць, большая, бо iснуе шмат магiл большых па памерахза дасьледваныя намi, а некаторыя пахаваньнi ўяўляюць ямiны даўжынёй да 10 м па большым баку. У такiх магiлах маглi быць пахаваны тысячы забiтых. Акрамя таго, каля сотнi (калi не больш) магiльных западзiн было засыпана i потым знiвелiравана бульдозерам пад час пракладкi газатрасы i высечкi лесу вакол яе ў сакавiку-маi 1988г. Мноства магiл зьнiкла, калi пракладалi кальцавую дарогу ў канцы 1950-х - пач. 1960-х гг. i, магчыма, у 1940-х гадах пад час высечак, траляваньня i падсадак лесу на гэтым месцы; не ўлiчаны пахаваньнi на поўдзень ад кальцавой дарогi, там, дзе была паўднёвая ўскраiна тэрыторыi расстрэлаў. Рэальная колькасьць пахаваньянў у Курапатах магла сягаць 900, а можа, i больш, прытым аб памерах знiшчаных i засыпаных пахаваньняў мы можам меркаваць цяпер толькi па велiчынi iснуючы магiл.

    Што мяне больш за ўсё ўразiла не як дасьледчыка, а як чалавека ў час раскопак - гэта вялiкая колькасьць пахаваных жанчын. Жаночыя чарапы i рэчы знойдзены ва ўсiх пахаваньнях. У рэштках пахавальнага пласта раскопа N6, прыкладам, засталося ўсяго 15 чарапоў. 10 зь iх, найбольш ацалелых, адабраны для экспертызы. З гэтых 10-цi - 8 жаночыя. Адкрыцьцё яшчэ раз сьведчыць аб тым, што тады, у 30-я гг., адбываўся масавы тэрор супраць народа.

    Другое - суб’ектыўныя адчуваньнi. Карцiны дзяцiнства, 40-50-я гады, яркiя вобразы i прадметы, што адклалiся ў памяцi колерна i выразна i ўспамiнаюцца потым, як ружовыя сны. Рэзка, як цяпер, памятаю дэталi быту роднага дому - лыжачку, якой еў, белы фарфоравы сервiз з “залатымi карункамi” па краях, кубачак з надпiсам, ярка-сiнюю эмалiрованую мiсачку з белым малюнкам чайнiка на донцы i лiтарамi “20 см.” Я нават “гiсторыю” яе памятаю. “А дзе гэтая сiняя мiсачка?” - Чую голас бабулi...

    Раскоп N8. Асьцярожна выбiраю пясок вакол эмалiраванай мiсачкi, што ляжыць на тазавых касьцях шкiлета. Зараз перавярну, зiрну, якая маркiроўка, i пастаўлю назад... Яркая, сiняя эмаль i белы чайнiк на донцы... i лiтары - “20 см”... I тут я пачуў, як цiха навокал стала, як сосны шумяць над магiлай...

    Аналiзуючы вынiкi раскопак у Курапатах, я зьвярнуў увагу на дакладнае супадзеньне шмат якiх зьвестак з апавяданьняў людзей, сьведкаў расстрэлаў, i фактаў, выяўленых у час эксгумацыi. Такое супадзеньне якраз i характэрнае для непасрэднага прамога сьведчаньня, дзе яшчэ няма фалькларызацыi падзей у народнай сьыядомасьцi. Раскопкi пацьвердзiлi такiм чынам не толькi праўдзiвасьць самiх сьведчаньняў, але i правiльнасьць методыкi нашага, зробленага з Я.Шмыгалёвым апытаньня вiдавочцаў. З амаль 170 вядомых цяпер сьведак мы апыталi некалькi дзесяткаў. Класiфiкацыя адказаў i сумiраваньне высноў прыводзяць у такiм выпадку да аднолькавага вываду, што i пры апытаньнi сотняў сьведкаў (паколькi ў аснове iх назiраньняў адзначаная, храналагiчна расьцягнутая i шматпаўтараемая з’ява). Аднак крымiнальнае сьледства ставiць больш канкрэтныя задачы. Таму будуць апытаны ўсе сьведкi i вiдавочцы.

    Аналiз зьвестак прыводзiць яшчэ i да думкi, што ў Курапатах забiвалi спецыяльныя каманды, сфармiраваныя загадам, але былi, магчыма, i добраахвотнiкi, што iмкнулiся зарабiць цi проста “разьвеяцца” ў прыемным для iх занятку. Карцiну забойства можна часткова ўявiць ужо на падставе раскопак. Але дадзiм слова вiдавочцу.

    Вольга Цiмафееўна Бароўская з Цны (1927 года нараджэньня) расказвае, што калi ёй было 11 гадоў, суседскi старэйшы за яе хлопчык узяўся завесьцi меншых дзяцей у “вялiкiя ягады”. Сабралася iх шмат - 10-11 дзяўчатак - i пайшлi на Брод. Пералезьлi ў нару пад плотам i давай зьбiраць. Праўда, ягадаў там было шмат. Дзецi цьмяна ўяўлялi, куды iх завёў старэйшы хлопчык. Было каля 4-х гадзiн дня, як загулi машыны. “Атас! Ратуйся! Дзеўкi, ходу!”- закрычаў дзявочы камандзiр - i ўсе сыпанулi, як гарох, да нары пад плотам. Пакуль тоўпiлiся i пералазiлi, расчынiлася брама i ўехала ў яе легкавая “эмка”, а за ёй цугам тры “чорныя вораны” i з тарахценьнем i выцьцём пруць проста на дзяўчынку, якая засталася ля нары апошняй. Вось ужо побач. I такi страх апанаваў яе, што кiнулася на зямлю i схавалася пад густую елачку. I тады ўбачыла, што тут нейкi пясок i яна блiзка гэтага пяску. “Эмка” пад’ехала сюды i выйшлi зь яе чатырох мужчын.

    Пытаньне: “Як былi адзеты?” - “У ваеннае. Гiмнасьцёркi i боты, галiфэ”. - “Якога колеру галiфэ?” - “Добра не памятаю. Гiмнасьцёрка зашчытная, i галiфэ такiя. I ўсе ў рамнях, накрыж апяразаныя, як гэта называецца... партупея, цi што?”- “А планшэткi, такiя палявыя сумкi на iх былi?” - “Былi на ўсiх. I пiсталеты на поясе. На галаве круглыя фуражкi, падобныя, як цяпер”. “Ваенныя з “эмкi” падышлi да ямы,-расказвае далей Вольга Цiмафееўна,- (вось ад чаго пясок, думаю, тут жа яма выкапаная) i паглядзелi ў яе. У гэты час “вораны” развярнулiся i сталi ў рад. Адзiн падышоў, адшчапiў будку i давай выводзiць адтуль людзей са зьвязанымi рукамi. Я думаю, што гэта яны тут будуць рабiць? Аднаго як разьвязалi, дык ён адразу на каленi ўпаў, рукi склаў i як залямантуе: “А людцы мае, а Божа ж мой, а за што ж мяне, скажэце!? А ў чым жа я вiнаваты?!”

    Пытаньне: “На якой мове крычаў, на беларускай цi на рускай?” - “Гаварыў так, як мы ў Цне, па-беларуску. Гляджу, аж яны iх да ямы падвялi i з наганаў у патылiцу “шпок-шпок-шпок”... I людзi ў яму падаюць, падаюць. Я ажно вочы заплюшчыла. Такi жах мяне апанаваў. Я ж нiколi не думала, што людзей могуць забiваць. Так было страшна, што я проста губляла свядомасьць, млела, мяне трэсла. А яны ўсё страляюць, выводзяць i страляюць. Засталiся два чалавекi. Вымаляюцца. Яны iм рыдлёўкi ў рукi - засыпайце. Пазасыпалi. А тады яны i гэтых... застрэлiлi. Потым ужо самi ўзялi ў рукi рыдлёўкi i iх прысыпалi трохi”.

    Пытаньне: “Цi былi мiж людзей жанчыны?”- “Былi, бачыла, былi. I бацька мой казаў, а ён часта сюды зазiраў, што ў пяску на ямах жаночыя грабушкi валялiся”.- “Як былi адзетыя гэтыя людзi, па-гарадскому цi па-вясковаму?”- “Цяжка сказаць, неяк i не памятаю; проста адзетыя.”-“Па колькi выводзiлi чалавек з машыны?”- “Выводзiлi партыямi па 6-8 чалавек. Рукi зьвязаныя назад. А перад ямай, перш чым забiць, разьвязвалi.”- “А колькi партый выводзiлi з адной машыны?”- “Добра не памятаю: можа, па дзве”.- “Што яны адказвалi. Нiякiх размоў. Людзi крычалi, прасiлiся, а яны сваю справу рабiлi. Толькi: “Становись! Становись! Становись! Становись! - i ўсё”. - “ I нiхто не спрабаваў вырвацца, супрацiўляцца, уцячы?” - “Не, нiхто. А куды ты ўцячэш? Наперадзе яма, а ззаду яны са зброяй. Куды ўцячэш? У яму? Яны i жывога цябе засыплюць. Так i было. Як вечарам настраляюць, то на ранiцы зямля дыхае. Бацька не раз бачыў, як зямля варушылася, настаяшча дыхала. Ён надта гэта ўсё браў да сэрца i перажываў. Казаў: “Божа, што творыцца - зямля дыша. Бывала, прыйдзе вечарам i кажа маме: мацi, устань. Ты ж выйдзi, паслухай, як людзi плачуць. Паслухай, як крычаць. Мама выйдзе - i мы, дзецi, бяжым за ёй, i мы чуем тыя крыкi. Просяцца людзi: спасiце, за што, я не павiнна - калi жанчына, мужчына - за што мяне, я не ў чым не вiнаваты, за што мяне, скажыце, хоць бы я ведаў вiну, за што мяне? Дык, ведаеце, i мы наплачамся разам. Мы думалi, што там мучылi iх”. (Дарэчы, тое, што людзi дапытавалiся сваёй вiны, сьведчыць пра тое, што iх забiвалi без суда.- З.П.)

    Пытаньне: “Расстрэльвалi ўсе ўчатырох цi як?”- “Не, удвух. Двое з наганамi стаялi па баках ямы “на чаку”, а двое падводзiлi i стралялi”.

    • “Скончылi страляць - што потым? Пра што яны гаварылi?” - “Нiчога не гаварылi. Пазачынялi гэтыя “крумкачы”, адправiлi, селi ў “эмку” i сьледам паехалi. Выскачыла я адтуль, паляцела ў жыта, заблудзiлася, наплакалася, да хаты не магла трапiць, нешта са мной сталася. Потым па начах усхоплiвалася, крычала. Колькi мяне мама пацягала па тых бабках, знахарках. Я i цяпер, як успомню тое, мяне агортвае жах, дзiкi жах...”

    Зазванiў тэлефон. Жаночы голас праiў аб спатканьнi i душыўся ад плачу. Забiлi бацькоў... тату i маму.. у тым лесе...

    Успамiнае мiнчанка Галiна Сьцяпанаўна Жукоўская (па мужу Сiдзякiна, 1924 г.нарадж.). Бацька яе, Сьцяпан Iванавiч, нарадзiўся i жыў да 1932 ў Цне. Потым пабудаваў хату на вулiцы Цнянскай у Менску i пераехаў зь сям’ёй у горад. Меў эканамiчную адукацыю, працаваў планавiком па сацыяльнаму забесьпячэньню ў Доме ўраду. Мацi - Соф’я Адамаўна Саковiч - хатняя гаспадыня абсалютна непiсьменная, не магла расьпiсацца. 31 кастрычныiка 1937 года ў тры гадзiны ночы загула машына спынiлася i ў дом увалiлiся энкавэдзiсты. “Тады людзей забiралi па начах,- кажа Галiна Сьцяпанаўна,- i ўсе слухалi, цi не гудзе машына, былi нагатове”. I вось загула... Перапаролi хату, без панятых, без прад’яўленьня абвiнавачваньняў цi якiх-небудзь дакументаў, нiчога не тлумачачы. Забралi пашпарты, усе фатаграфii i сказалi зьбiрацца. “Мама пайшла ў тапачках, хоць была ўжо халодная восень”,- успамiнае Галiна Сьцяпанаўна. Ей было тады 13 гадоў. У тую ноч яна асiрацела. Прыйшлi, забралi i павялi навек. Нiякiх тлумачэньняў i нiякiх зьвестак, толькi пракляцьце члена сям’i ворага народу ўпала на галаву.

    Назаўтра кiнулiся ў НКУС. Масы людзей. Доўгiя чэргi да сьледчых стаяць па некалькi сутак. Начавала ў калiдорах у чарзе, каб потым пачуць дзяжурны адказ: высланы на 10 гадоў без права перапiскi. Хадзiла i выстойвала тройчы. Апаратчык нават у сьпiскi не глядзеў, адказваў як заведзены ўсiм адно i тое ж. Яны спадзявалiся, не ведаючы, што iхнiх блiзкiх i родных ужо расстралялi.

    Па зьвестках, атрыманых мною ад сьведкаў, расстрэльвалi ў Курапатах спецыяльныя каманды. У iх складзе былi, па словах Галiны Сьцяпанаўны, i свае, мясцовыя. Адзiн зь iх нарадзiўся i жыў ў Цне. (Паколькi вядзецца сьледства, прозьвшча не называю. Пазначым яго крыптанiмам “Н”.) Працаваў ахоўнiкам у НКУС у Мiнску. Заўсёды хадзiў на працу па Цнянскай, паскрыпваючы партупеяй. Спатыкаючы маленькую Галю, глядзеў на яе зь лютай злосьцю. Сваiх, цнянскiх, ён ведаў. У вёсцы не раз выхваляўся, што Жукоўскiх ён “сам стелял” на Бродзе. Пахваляцца забойствамi “ворагаў народа” (хоць гэта было i забойства ў патылiцу) лiчылася за гонар. Некаторыя дзяўчаты iмкнулiся выйсьцi замуж за энкавэдзiстаў... “Рожа, грубая рожа,- успамiнае пра “героя” Галiна Сьцяпанаўна,- не твар, а нейкая доўгая, нялюдзкая фiзiяномiя. У 1960-х гадах я яго хацела знайсьцi, думала, што ён жывы яшчэ. Здаецца б, я яго разарвала за маiх бацькоў”.

    Пытаньне: “Ён жыве цi памёр?”- “Памёр у 1954 годзе... А колькi нацярпелася панiжэньняў, голаду... На працу нiдзе не магла ўладкавацца. У 1947 годзе прынялi машынiсткай у ваенную часьць. Напiсала, што бацькi памерлi. Выклiкаюць у контрразьведку. Сядзiць такi рыжы хам, фiзiяномiя чырвоная: Где твои родители, ё.т.м.? - I пiсталет на стол. Гэта вы мне скажыце, дзе мае бацькi,- адказваю.- Што вы мяне пытаеце? Дзе вы iх падзелi?- Иди! Тут жа мяне выгналi з работы”.

    Пытаньне: “Цi быў яшчэ хто-небудзь у НКУС з мясцовых, акрамя “Н”?”-“Называюць яшчэ нейкага з Зеляноўкi (вёска ўжо не iснуе - З.П.). Казалi, што той нават адзежу з забiтых здымаў i прадаваў за гарэлку.”

    Вядомы яшчэ прозьвiшчы двух забойцаў. Абодва ўжо памерлi. Адзiн у Расii, другi быў жанаты на тутэйшай i пахаваны ў нас. Думаю, пайду хоць на жонку яго пагляджу. Мяккая мэбля, дываны i т.п. мяшчанскiя радасьцi. На фатаграфii класiчная фiзiяномiя забойцы-сталiнiста. Што чакаў, тое i ўбачыў. Аж не верыцца. “Муж работал в НКВД”,-паведмамлена было мне. З размовы адчуў, што ўсё яна ведала, чым ён займаўся, а вось жа выйшла замуж. Што ж, на тых матрацах з чалавечых валасоў, што гiтлераўцы рабiлi, павiнен быў таксама нехта спаць.

    Ва ўсе часы не абыходзiцца без вырадкаў, што ўжо казаць пра грамадства 30-х? дзеля справядлiвасьцi трэба адзначыць, што сярод цнянцаў было шмат добрых, прыстойных людзей. Пра аднаго зь iх - старшыню сельсавета, а потым калгаса Цiмоха Васiльевiча Бацяна - ужо ўспамiналася. Ён не выдаў, не прадаў нiводнага земляка. Хоць ад яго патрабавалi. Цiмох Васiльевiч быў чалавек мужны i нетыповы для таго подлага часу. Былая цнянская настаўнiца Надзея Апанасаўна Мiкулiч (1926г. нарадж.) расказвае, што, калi забралi настаўнiка Арсеня Паўлавiча Грушу, перад яго жонкай Вольгай Iванаўнай некаторыя напалоханыя цнянцы зачынялi дзьверы, каб не ўгнявiць сталiнiстаў. Толькi Цiмох Бацян не зачыняў дзвярэй i дапамог няшчаснай, забiтай кабеце ў яе жыцьцёвых патрэбах i бядзе. Тады энкавэдзiсты схапiлi ноччу Цiмоха Васiльевiча i тут жа павялi за плот. Паставiлi на край ямы, наган у горла - “будешь давать врагов народа, али нет?” “У мяне няма ворагаў”,- адказвае Бацян. “Давай врагов или убьем!” “У мяне няма ворагаў!- закрычаў на iх Цiмох Васiльевiч. I...дзiва - яны не застрэлiлi яго. Пэўна, не хапiла фармальнасьцяў.

    Затое хапала фармальнасьцяў, каб забiваць сотнi тысяч бяспраўных.

    Сталiнiсты адправiлi на той сьвет бацькоў Надзеi Апанасаўны. Яна ўспамiнае, як у яе роднай вёсцы Мальшэвiчах пад Слуцкам забiралi сялян. Сярод iншых схапiлi шасцiдзесяцiгадовую адзiнокую жанчыну Марылю Шмак. Яна была зусiм глухая i непiсьменная, жыла ў пограбе ў страшэннай беднасьцi (нават хаты сваёй ня мела). Яе катавалi “з выдумкай”, сыпалi ў горла пясок, дабiвалiся нейкiх прызнаньняў. Потым, назьдзекаваўшыся, стукнулi па галаве - яна тут жа i сканала...

    У 1986 годзе мне давялося рабiць самыя цяжкiя археалагiчныя дасьледаваньнi ў маiм жыцьцi - раскопкi падмуркаў касьцёла i кляштара Дамiнiканцаў у Мiнску. Цяжкiя не ў тым сэнсе, што было ўскрыта 1000 кв.м плошчы за сезон i прыйшлося працаваць часам па 18 гадзiн у суткi, цяжкiя тым, што помнiк быў нiбы “ўтоплены” ў чалавечых касьцях, пахаваньнях i брацкiх магiлах сярэдзiны XVII стагодьдзя. Вось велiзарная магiла 11 метраў удаўжыню. Завал касьцей. Шкiлеты ў тры штабелi. Мушкетныя прастрэлы ў чарапах, праломы. Гэта быў час страшнай вайны, час жахлiвага вынiшчэньня, калi было забiта, загiнула, вымерла ад эпiдэмiй большая палова (51 працэнт) насельнiцтва Беларусi. Тады наш народ перамог, адстаяў сваю незалежнасьць, але сiлы яго ўжо былi падарваны. Больш жахлiвай пары не ведала наша гiсторыя аж да першай паловы ХХ ст., да часоў сталiншчыны, i, о няшчасьце, яно прыйшло якраз тады, калi мы толькi-толькi пачалi станавiцца на ногi, калi перад нашай нацыянальнай будучыняй яшчэ толькi трымцела сьвiтаньне...

    Вось яно, наша сьвiтаньне, у раскапаных магiлах, у Курапатах глядзiць на мяне пустымi вачнiцамi, зь якiх, нiбы сьлёзы, высыпаецца, сыплецца жоўты пясок. Выбiраем рэшткi... Доўгiя валася жанчыны, сьветлыя, нiбы лён, выцягваем з-пад прастрэленых чарапоў, асьцярожна, каб не парваць. Адна пасма, другаая, трэцяя... гузiкi з-пад бялiзны... Мiнае працоўны дзень i ноччу прадаўжаецца ўсё ў сьвядомасьцi - цягну, бясконца выцягваю з-пад касьцей кужэльныя валасы, сьветлыя, нiбы лён, i няма iм канца...

    Калiсьцi, расчышчаючы косьцi забiтых продкаў у брацкай магiле ля Дамiнiканца, я думаў: Госпадзi, хоць бы апошнi раз мне такiя раскопкi, хоць бы гэтая чаша мiнула мяне! Не мiнула. Мы нiкуды не дзенемся ад нашай гiсторыi. I жывыя i мёртвыя - мы адно. Мы - народ, i калi мы ўжо мёртвых нiчым не ўспаможам, то мёртвыя нас успамогуць. Яны могуць асьвяцiць нам шлях, асьвяцiць нашы душы сваiмi пакутамi, ускалыхнуць нашы розумы, сэрцы i дух, калi толькi таго мы захочам... Чуеце, як шалеюць цемрашалы, як яны iмкнуцца “забiць” нашых мёртвых, схаваць, абылгаць, абпляваць, затаптаць. Гэй, хто там? Гэта вы, лэдзi Макбет?-Не змываецца ж кроў! О, гэтая глыбокая таемнасьць сьмерцi! О, сiла продкаў, калi ў Дзень Задушны адбываецца яднаньне! I калi мы згубiм, страцiм гэтую сiлу, нас - няма.

    Кожны чалавек, братове, кожны сумленны чалавек павiнен змагацца з сталiнiзмам - гэтай самай подлай, самай iлжывай, самай антыгуманнай з’явай, якая iснавала калi-небудзь на сьвеце.



    ЛiМ”, 1988, 16 верасьня

    Файл падрыхтаваны Раманам Салаўянам.

    Коьрта
    Контакты

        Главная страница


    Шумяць над магiлай сосны

    Скачать 176.75 Kb.